«Золотая коллекция белорусской песни»: видеоверсия концерта во Дворце Республики
У вялікай зале Палаца Рэспублікі аншлаг. Усе аматары беларускай песні задоўга да пачатку гала-канцэрта занялі месцы ў глядзельнай зале. Кожны чакаў свайго любімага артыста. І сапраўды было каго чакаць. Вялікая сцэна ў гэты вечар умясціла выканаўцаў розных стыляў і жанраў, тут можна было ўбачыць як пастаянных удзельнікаў праекта (Я. Паплаўская, І. Дарафеева, Н. Мікуліч, У. Правалінскі, М. Скорыкаў, В. Cкаражонак…), так і тых, хто доўгі час жыве і працуе за межамі нашай краіны, але з удзячнасцю прыняў запрашэнне арганізатараў фэсту, завітаў на сваю малую радзіму, каб сустрэцца з любымі гледачамі. Але не будзем забягаць наперад.
Намеснік генеральнага дырэктара тэлеканала СТБ Павел Сямёнавіч Каранеўскі ў прывітальным слове адзначыў: “Мінскі канцэрт ужо сёмы па ліку. Удзельнікі праекта аб’ездзілі самыя буйныя і старажытныя гарады нашай краіны. Мы наведалі Гомель, Гродна, Полацк, Бабруйск, Маладзечна, Салігорск і, нарэшце, вырашылі завяршыць праект грандыёзным фінальным акордам у Мінску”.
Адкрыў канцэрт Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна і адразу задаў святочны настрой выдатнаму вечару. У глядзельнай зале прысутныя пачулі любімыя кожным з дзяцінства беларускія мелодыі: “Добры вечар, дзяўчынонька”, “”Спадчына”, “Александрына” і шмат іншых.
2017 год не толькі год навукі, ён даволі ўраджайны на юбілейныя даты. У гэтым годзе юбілеі адзначылі А. Ярмоленка, Л. Дранько-Майсюк, М. Скорыкаў. Яны таксама прынялі ўдзел у фінальным канцэрце. Амаль пад кожную песню на сцэне з’яўляліся аўтары музычных твораў: Ф. Баравы, Э. Зарыцкі, В.Шмат, А.Елісеенкаў, В.Раінчык, А.Моўчан і іншыя аўтары. Усе выканаўцы, кампазітары і паэты ў канцы мерапрыемства атрымалі пад шчырыя апладысменты ўдзячных гледачоў дыпломы ўдзельнікаў.
Заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева адкрыла канцэрт песняй са свайго рэпертуару “Пульс маіх хвілін”; усім вядомая арт-група “Беларусы” таксама энергічна выканала песню, з якой, можна сказаць, пачынаўся творчы шлях гэтага калектыву, – “Беларусы мы”. А.Ланская нагадала прыхільнікам яе таленту лірычную песню “Васільковае неба”.
В.Алешка, адна з выхаванак Васіля Раінчыка, які некалькі разоў выходзіў на сцэну, на хвіліну паспрабавала ператварыцца ў “Птушку залатую”. Прыемным сюрпрызам вечара стала група “Верасы”, якая пад акампанемент кампазітара і кіраўніка гурта ўзгадала хіты папулярнай беларускай спявачкі Лікі Ялінскай “Белае віно і чырвонае” і “Малады і нежанаты”.
Гучалі ў гэты вечар і народныя песні. Жанна Піваварава разам з Вадзімам Касенкам, Анастасіяй Гунінай і Уладзімірам Гінько паказалі майстар-клас, як трэба гуляць вяселле, а Тэа і Вольга Рыжыкава ператварыліся ў жаніха і нявесту, каб найлепшым чынам данесці да гледача сэнс беларускай народнай песні.
Тэа, Вольга Рыжыкава, артысты:На сённяшні дзень няшмат беларускіх слухачоў, асабліва сярод моладзі, знаёмы з беларускай песняй, якая калісьці гучала штодня, была вельмі папулярнай у народзе. Гэта тыя напевы, з дапамогай якіх даведваюцца пра беларускую культуру і беларускую песню. Нам вельмі прыемна, што сёння яны прагучаць у адным вялікім канцэрце. Мы выканаем беларускую народную песню ў аранжыроўцы Тэа. У сваім рэпертуары мы наогул ні разу не сутыкаліся з народнай песняй, для нас гэта сур'ёзны вопыт. Пры падрыхтоўцы гэтага нумара канцэртнай праграмы цікавым з’явілася тое, што мы ў кампазіцыі нічога не хацелі мяняць, пакінулі ўсё, як было, як песня перадавалася з пакалення ў пакаленне. Таму для гледачоў будзе некалькі нечакана ўбачыць нас у такім выглядзе. А паколькі ў дадзенай апрацоўцы няма жалеек, гармонікаў, то і касцюмы ў нас сучасныя. І мы хочам пажадаць беларусам не забываць пра тое, што яны беларусы!
Фінальны канцэрт паказаў не толькі тое, што беларуская песня жыве і сёння, але і тое, што яна мае будучыню. На адной сцэне можна было ўбачыць адразу некалькі пакаленняў: А. Ярмоленку-старэйшага і яго ўнука, Аляксандра Саладуху і дачку Варвару. Апошняя разам з бацькам, знакамітым і любімым артыстам Беларусі, і хросным бацькам Алегам Елісеенкавым праспявала ўсім вядомую песню “Заварожаная фея”, якую памятае не адно пакаленне і якая не адзін раз была выканана маладымі выканаўцамі. Хочацца адзначыць, што лепш за яе першага выканаўцы, славутага і надзвычай абаяльнага любімца гледачоў адразу некалькіх пакаленняў Аляксандра Саладухі, гэты сапраўдны хіт яшчэ ніхто не змог выканаць.
Аляксандр Саладуха, спявак:Не так даўно мы абмяркоўвалі з паэтам Фёдарам Баравым тое, што, дзякуючы праекту, мы вяртаемся да вытокаў беларускай песні. Вельмі радасна, што збіраюць паэтаў і кампазітараў на адной сцэне. А сёння прагучыць «Заварожаная фея» ў дуэце з маёй дачкой Варанькай. Вось такі ў нас будзе незвычайны нумар.
Вельмі бадзёра выступілі народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў і гурт “Чысты голас”, якія падзяліліся вопытам, як трэба скакаць пад “Лявоніху” пасля “Чаркі на пасашок”.
Напрыканцы ўсіх чакаў сюрпрыз. З песняй “Мой родны кут” на словы Я. Коласа і музыку І. Лучанка на сцэну выйшаў па-сапраўднаму “народны” артыст Руслан Аляхно, якога ўсе гледачы, асабліва маладыя дзяўчаты, даўно чакалі. Руслан двойчы прымаў удзел у праекце. Першы раз ён выступаў на сваёй малой радзіме, у прыгожым старажытным Бабруйску, а сёння мы з вялікім задавальненнем сустракалі свайго любімага артыста на першай сцэне Беларусі. Пасля даволі сур’езнай і патрыятычнай песні ён прыгадаў лірычную кампазіцыю, з якой перамог калісьці на конкурсе “Народны артыст”. Песня “Незвычайная” прагучала вельмі шчыра ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.
Юбіляр 2017 года народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка нагадаў прысутным любімую “Польку беларускую”, а заслужаны артыст Беларусі У. Правалінскі падкрэсліў, наколькі прыгожая наша краіна, якая славіцца сваімі азёрамі.
Уладзімір Правалінскі, заслужаны артыст Беларусі:Хочацца ў першую чаргу адзначыць, што ўсе канцэрты, у якім бы горадзе яны не праходзілі, арганізаваны на надзвычай высокім узроўні. Ад імя ўсіх удзельнікаў шматлікіх канцэртаў “Залатой калекцыі…” хачу выказаць падзяку кіраўніцтву тэлеканала СТБ, перш за ўсё генеральнаму дырэктару Юрыю Казіятку, Людміле Палкоўнікавай, усёй здымачнай групе. Асабліва хочацца павіншаваць з паспяховым завяршэннем праекта яго кіраўніка – намесніка генеральнага дырэктара тэлеканала СТБ Паўла Каранеўскага, які, на мой погляд, на працягу ўсяго цыкла канцэртаў сапраўды жыў разам з выканаўцамі, музыкантамі і ўсёй здымачнай групай. Вялікі Вам дзякуй, паважаны Павел Сямёнавіч! Адразу хачу пажадаць, каб цудоўны праект працягваўся доўгія гады, радаваў жыхароў нашай славутай краіны напеўнымі народнымі песнямі з вельмі глыбокім сэнсам. Хачу таксама пажадаць, каб гэты канцэрт быў не апошнім, каб «Залатая калекцыя» стала стартам для новых цікавых і займальных праектаў тэлекампаніі СТБ. Сёння ў маім выкананні прагучыць песня на словы Я. Янішчыц “Сторона моя озёрная”. Наша краіна багата азёрамі, найпрыгажэйшай прыродай, але, упэўнены, самая галоўная каштоўнасць Беларусі – яе людзі, шчырыя, працавітыя, прыгожыя.
На такой узвышанай ноце завяршыўся канцэртны цыкл праекта тэлеканала СТБ “Залатая калекцыя беларускай песні”. Наперадзе Новы год, і ўсе мы будзем з нецярплівасцю чакаць новых цікавых сустрэч…